Дэпэш Мод - Сергій Вікторович Жадан
2.55
– Зрывай сургучы! – кажа Чапай Сабаку.
– Што гэта? – Вася таксама прачынаецца і спалохана сочыць за намі з тапчана.
– Усё нармальна, – кажу, – ня бойся, – ты таксама ў долі.
– У якой долі? – баязьліва пытаецца Вася.
– Зараз убачыш, – кажу.
Сабака знаходзіць між зьмеевікамі шырокі кухонны нож і зразае пячаткі, павольна ўсё гэта размотвае і разгортвае, хутчэй, хутчэй! прысьпешвае Чапай, але Сабака робіць усё ўпэўнена і нясьпешна, адкрывае каробку і кажа – о, помнік! дастае адтуль бюст вышынёй недзе з паўмэтры і ставіць яго на табурэт.
– Што гэта? – не разумею я.
– Помнік, – кажа Сабака.
– Бюст, – папраўляе яго Чапай.
– Чый бюст? – пытаюся.
– Наш, – адказвае Чапай.
– Ты не зразумеў – хто гэта такі? – паказваю я на бюст.
Чапай задумліва працірае акуляры.
– Можа, гэта дырэктар? – гаворыць Сабака.
– Не, – кажа Чапай, – гэта не дырэктар. У дырэктара вусоў няма.
– А ён сабе для красы прырабіў.
– Усё адно не падобны, – кажа Чапай.
– Гэта нейкі марксыст, – мяркую я.
– Троцкі, – кажа Сабака. – Бачыш, нос які? Дакладна, Троцкі.
– Гэта ня Троцкі, – нэрвуецца Чапай. – У Троцкага барада. А ў гэтага барады няма.
– Гэта Троцкі ў Мэксыцы, – кажа Сабака.
– Гамбургскага пэрыяду, – дадаю я.
На Васю нават глядзець шкада.
– Ніякі гэта ня Троцкі, – бадзёрыцца Чапай, намагаючыся прыхаваць свой мандраж. – Гэта Молатаў. Член цк.
– Молатаў? – кажу я разгублена.
– Молатаў, – кажа Чапай. – Член цк, – дадае ён на ўсякі выпадак.
– Нішто сабе, – кажу.
Сабака насуплена дастае скрадзеную пляшку каньяку і пье з рыльца.
– Молатаў, – працягвае Чапай, – зь іх усіх адзіны нармальны быў тып. Ён быў геданістам. Як Ціта.
– Як што?
– Як Ціта. Любіў жанчын, спорт, рэстараны.
– Кактэйлі, – кажу я. – Адкуль ён у твайго дырэктара?
– Яны некалі рабілі іх, – кажа Чапай, падумаўшы. – З адкідаў. Тут быў спэцыяльны цэх суправаджальных матэрыялаў. Мне мой стары распавядаў.
– Бюст Молатава гэта што – суправаджальны матэрыял?
– Яны рабілі ня толькі бюст Молатава, – апраўдваецца Чапай.
– А што яшчэ?
– Яшчэ бюст гэтага, як яго – Варашылава. А гэты, здаецца, нейкім цудам ацалеў. Хацеў прадаць, сука, – жорстка кажа Чапай, – народны бюст.
– Слухай, ты! – не вытрымлівае Сабака. – Выходзіць што – мы ламалі дзьверы, хаваліся ад аховы, пакінулі там процьму сьлядоў і ўсё гэта дзеля гэтага дзяўбанага геданіста?
Чапай падыходзіць да яго, рашуча бярэ з рук каньяк, усаджвае ў сябе тыя 200 грамаў, што там былі, ідзе да тапчана, адсоўвае Васю і ляціць ніцма ў свой брудны бяздонны трыперны ложак. Нават ня скінуўшы кедаў.
3.30
– Значыць, робім так, – кажа раздражнёны Сабака, – забіраем усё бухло, сцэджваем брагу, бярэм траву, шмоткі, – ён глядзіць на Чапая, – не, хай падавіцца сваімі шмоткамі. Бярэм вось гэта, – ён паказвае на Молатава, – і валім, пакуль ахова нічога ня ўбачыла.
– А што зь ім рабіць будзем? – пытаюся я.
– Спалім, – кажа Сабака. – Адным уродам будзе меней.
– А Карбюратар?
– Які Карбюратар? – крычыць Сабака. – Ты што, не разумееш – валіць трэба! Давай, пайшлі.
– Куды?
– Ня ведаю, – кажа Сабака, – дахаты.
– Ты што, зьбіраешся ў такім стане перціся праз увесь горад? – кажу. – Зь бюстам на руках? Цябе возьме першы ж патруль.
– Давайце да ранку пераседзім, – раптам спакойна кажа Вася. Ён ужо апрытомнеў, ходзіць па пакоі, цягне з падваконьня нейкія брашуры, засоўвае у кішэню нейкую пакусаную асадку, адным словам – ён адзіны, хто не панікуе. – Раніцай нармальна выйдзем і ніхто нас ня возьме. Галоўнае – дасядзець да ранку.
– Так, – пагаджаюся я, – галоўнае – дасядзець.
5.30
Я спрабую разбудзіць Чапая, той толькі загаворвае скрозь сон на нейкай сваёй мове, на мове тагасьветных марксыстаў-леніністаў і адварочваецца ад мяне. Добра, кажу я Васю, пакінем яго тут, хай потым сам разьбіраецца, ён усё гэта ў прынцыпе прыдумаў, таму гэта ягоныя праблемы, добра, кажа ў сваю чаргу Вася, правільна, але Молатава бярэм з сабой, на фіга? кажу, на фіга нам Молатаў? засыплемся зь ім, па-першае, тлумачыць Вася, калі яго тут раніцай знойдуць – Чапаю кранты, адразу зразумеюць, хто дзьверы выламаў. Па-другое – Молатава можна здаць, ён жа ня проста шматок каляровага мэталу, ён жа яшчэ і скульптура, ёсьць людзі, якія плоцяць за такія рэчы вялікія бабкі. Ня ведаю, кажу я, ня ведаю, хто б заплаціў за Молатава вялікія бабкі, яшчэ за жывога – ладна, а за гэтую мумію, паказваю я, ну, ды хопіць, паспрабуем здаць, толькі каму?
Каму з маіх знаёмых можна здаць бюст Молатава? Вось так вызначаецца ўзровень асяродьдзя, у якім ты знаходзішся, так і не інакш. Ну, у мяне няма знаёмых антыквараў, знаёмых ювеліраў, знаёмых трунароў у мяне таксама няма, што маглі б зьбіць з гэтага бюста вусы і перарабіць яго ў галаву якой-небудзь Падзаборнай Людмілы Кузьмінішны, якая гераічна пала пад коламі пятага трамваю на скрыжаваньні вуліц Пушкінскай і Весьніна і там такі пахаванай, паколькі сабраць разам усё тое, што там ад яе засталося – на тым скрыжаваньні – выявілася немагчымым, вось, трунароў у мяне таксама знаёмых няма, далей – знаёмых скульптараў, для якіх гэты суправаджальны матэрыял зьяўляўся хоць бы якой эстэтычнай каштоўнасьцю, у мяне няма, знаёмых камуністаў, акрамя Васі і Чапая, для якіх гэта быў бы прадмет культу – няма, знаёмых дырэктараў гістарычных музэяў, для якіх гэты дзёўбаны геданіст меў бы