Дэпэш Мод - Сергій Вікторович Жадан
Сяргей Жадан
Дэпэш Мод
Судзьдзя – западліст:
ён ня любіць «Мэталіст».
15.02.04 (нядзеля)
Калі мне было 14 і ў мяне былі свае віды на жыцьцё, я ўпершыню накачаўся алькаголем. Пад самую завязку. Было вельмі цёпла і нада мной плылі сінія нябёсы, а я ляжаў і паміраў на паласатым матрацы і нават пахмяліцца ня мог, таму што мне было толькі 14 і пахмяляцца я яшчэ проста не навучыўся. За апошнія 15 гадоў у мяне было больш чым дастаткова падстаў, каб не любіць гэтае жыцьцё, жыцьцё спачатку, як толькі я пачаў яго ўспрымаць, выявілася штукай подлай і няўдзячнай, яно адразу ж узяло за звычай абарочвацца такімі лажовымі сытуацыямі, згадваць пра якія ня хочацца, але запамінаюцца якія надоўга. Хоць са свайго боку я асаблівых прэтэнзій ніколі не выказваў, відавочна, у мяне ўсё добра ў маіх стасунках з жыцьцём, нават насуперак ягонай клінічнай мудакаватасьці. Мяне, па вялікім рахунку, калі не траплялася чарговых дэмаршаў звонку, усё задавальняла – мяне задавальнялі абставіны, у якіх я жыў, задавальнялі людзі, зь якімі я меў зносіны, зь якімі я час ад часу бачыўся і зь якімі мне даводзілася мець справу. Яны мне, па вялікім рахунку, не перашкаджалі, спадзяюся – я ім таксама. Што яшчэ? Мяне задавальняла тая колькасьць бабак, якая ў мяне была, то бок задавальняла ня колькасьць як такая, бабак у мяне, насамрэч, амаль ніколі не было, задавальняў сам прынцып абарачэньня іх вакол мяне – я зь дзяцінства заўважыў, што зьяўляюцца акурат тады, калі табе патрэбна, і прыблізна ў той колькасьці, безь якой ты не абыйдзешся, звычайна гэта спрацоўвала, дакладна спрацоўвала, вядома, калі ты не да канца страціў сумленьне і зьберагаеш хаця б рэшткі нейкай прыстойнасьці, у сэнсе там чысьціш зубы, або не ясі сьвініну калі ты мусульманін, то да цябе з нявысьветленай табой рэгулярнасьцю прыходзіць анёл з чорнымі бухгалтарскімі нарукаўнікамі і перхаццю на крылах і абнаўляе твой бягучы рахунак пэўнай сумай у грашовым эквіваленце так, каб ты, з аднаго боку, зусім ногі не працягнуў, а зь іншага – ня надта выёбваўся і не перапаскудзіў сваёй рэінкарнацыі купляй танкераў з нафтай і цыстэрнаў са сьпіртам. Мяне гэта задавальняла, у гэтым я анёлаў разумеў і падтрымліваў. Мяне задавальняла краіна, у якой я жыў, задавальняла тая колькасьць гаўна, якім яна была запоўненая і якое ў найбольш крытычныя моманты майго ў гэтай краіне пражываньня сягала каленяў і вышэй. Я разумеў, што цалкам мог нарадзіцца ў іншай краіне, куды горшай, напрыклад, з больш суворым кліматам ці аўтарытарнаю формай кіраваньня, дзе каля ўлады стаялі б ня проста ўблюдкі, як у маёй краіне, а якія-небудзь замарочаныя ўблюдкі, якія перадавалі б уладу ў спадчыну сваім дзецям, разам са зьнешняй запазыкай і ўнутраным цемрашальствам. Так што я лічыў, што даволі добра трапіў, таму ня трэба пераймацца гэтымі рэчамі. Па вялікім рахунку, мяне задавальняла ўсё, мяне задавальняла тэлевізійная карцінка, якую я бачыў за вокнамі памяшканьняў, дзе жыў, таму я намагаўся проста ня надта хутка пераключаць каналы, паколькі пасьпеў заўважыць, што любыя праявы ўвагі з боку змантаванай вакол мяне рэальнасьці абавязкова сканчаюцца наперад прагназаваным паскудствам ці проста дробным жыцьцёвым западлізмам. Рэальнасць прыкольная сама па сабе, але цалкам лажовая пры падліку пасьляматчавай статыстыкі, калі ты аналізуеш свае і яе паказальнікі і бачыш, што парушэньняў зь яе боку было ў некалькі разоў болей, а выдаленьні трапляліся толькі ў тваёй камандзе. Калі нешта мяне і прыгнятала па-сапраўднаму, то менавіта пастаянныя і настойлівыя намаганьні гэтай тэлекарцінкі ўступіць са мной у супрацьпрыродныя палавыя адносіны, то бок па-просту кажучы – адтрахаць мяне, скарыстаўшыся маімі ж такі грамадзянскімі правамі і хрысціянскімі абавязкамі. Я весела пражыў гэтыя свае 15 гадоў дарослага жыцьця, не беручы ўдзелу ў пабудове грамадзянскай супольнасьці, не прыходзячы на выбарчыя ўчасткі і пасьпяхова пазьбягаючы кантактаў з антынародным рэжымам, калі вы разумееце, што менавіта я маю на ўвазе; мяне не цікавіла палітыка, не цікавіла эканоміка, не цікавіла культура, нават прагноз надвор’я мяне не цікавіў, хоць гэта была ці не адзіная ў гэтай краіне рэч, што выклікала давер, але мяне яна ўсё адно не цікавіла.
Цяпер мне 30. Што зьмянілася за апошнія 15 гадоў? Амаль нічога. Нават зьнешнасьць гэтага ё…га прэзыдэнта ня надта зьмянілася, ва ўсялякім разе яго партрэты як рэтушаваліся тады, так і цяпер рэтушуюцца, нават я гэта заўважыў. Зьмянілася музыка на радыё, але я яго, па вялікім рахунку, і ня слухаю. Зьмянілася адзеньне, але 80-тыя, наколькі я разумею, і надалей у модзе. Не зьмянілася тэлекарцінка, яна такая ж ліпкая й едкая, як разьліты на паркеце ліманад. Не зьмяніўся клімат, зімы ўсё такія ж доўгія, а весны – доўгачаканыя. Зьмяніліся сябры, то бок адны назаўсёды зьніклі, а іншыя замест іх зьявіліся. Зьмянілася памяць – яна стала даўжэйшай, але ня стала лепшай. Спадзяюся, яе хопіць яшчэ гадоў так на 60 трывалага пабытовага пахуізму і нязломнай душэўнай раўнавагі. Чаго я сабе і жадаю. Амінь.
17.06.93 (чацьвер)
Уступ №1
16.50
17 чэрвеня каля пятай гадзіны дня Сабака Паўлаў намагаецца спусьціцца ў падземку. Ён падыходзіць да турнікету, ідзе проста на жанчыну ўва ўніформе і дастае з кішэні вэтэранскае пасьведчаньне. Жанчына ва ўніформе глядзіць у пасьведчаньне і чытае: «Паўлава Вера Навумаўна». «Ну?», – пытаецца.
– Бабуля, – кажа Сабака Паўлаў.
– Дзе бабуля?
– Гэта, – паказвае Сабака пасьведчаньне. – Мая бабуля.
– Ну і што?
– Яна – вэтэран.
– Ну, а ты што хочаш?
– Яна ў танку гарэла.
Жанчына яшчэ раз глядзіць ў пасьведчаньне. Хто яе ведае, думае яна, можа і гарэла, па фота ня скажаш.
– Ну, добра, – кажа яна. – А ад мяне што трэба?
– Прапусьціце, – гаворыць Сабака.
– А ты што – таксама ў танку гарэў?
– Ну, пачакайце, – пачынае таргавацца Сабака, – можа я ёй паесьці нясу.
– Што паесьці?
– Ну, паесьці, – Сабака прыгадвае, што насамрэч есьць ягоная бабуля, калі ёй даюць. – Малочныя прадукты, разумееце? Сыр.
– Сам ты сыр, – бяззлобна кажа цётка ва ўніформе.
Сабака разумее, як усё гэта выглядае з боку. Што вось ён б’ецца галавой аб велічэзны бясконцы мур, якім ад яго адгарадзілася жыцьцё, б’ецца без ніякай надзеі на посьпех, і ўсе жыцьцёвыя спакусы, у тым ліку і праезд у мэтрапалітэне, яму цяпер проста ня сьвецяць, вось