Дэпэш Мод - Сергій Вікторович Жадан
Сяброў у мяне досыць шмат, гэта нават не кампанія, хутчэй такі дружны калектыў сымулянтаў, што кідаюць усіх вербавальнікаў і працадаўцаў, мы жывем у некалькіх суседніх пакоях на адным паверсе, сьпім упокат, я нават ня ўсіх ведаю, сапраўдны сябар тут адзін – Вася Камуніст, іншыя – публіка больш-менш выпадковая, хоць яны таксама нашыя сябры, яны то зьяўляюцца, то зьнікаюць, час ад часу іх набіваецца на нашым паверсе больш як дзесяць, іншым разам я сам па некалькі сутак блукаю па калідорах, вылажу на дах і гляджу навокал. Нам усім па 18 – 19, пераважную большасьць маіх сяброў павыганялі ўжо з вучобы, яны цяпер або беспрацоўныя, або займаюцца нікому не патрэбнымі рэчамі, напрыклад, Сабака Паўлаў – я ніколі ня мог зразумець, чым ён напраўду займаецца. Бацькі ў Сабакі Паўлава габрэі, але на сябе ён гэта не пераносіць, гаворыць, што бацькі гэта бацькі, а ён – гэта ён, і больш за тое – Сабака Паўлаў гаворыць, што ён правы. Адпаведна, з бацькамі ён не жыве, гаворыць, што ня можа жыць з жыдамі, тусуецца па знаёмых, часам завісае ў нас на тыдзень-другі, яшчэ ў яго ёсьць бабуля, відаць, не габрэйка, бо ў яе ён таксама іншым разам спыняецца. Час ад часу ён цягае ў бабулі з сэрвантаў розную антыкварную парцаляну і прадае яе на барахолцы, на атрыманыя грошы панакупляе ў аптэчных кіёсках каля рынку розных пігулак і ідзе да нас. Тады мы наагул не выходзім з пакою па некалькі дзён, хіба што адліць ці парыгаць, але парыгаць можна і ў пакоі. Адліць, у прынцыпе, таксама. Я люблю Сабаку Паўлава, нават ня гледзячы на ягоны антысэмітызм, мне-та што.
Сабак ідэйна не працуе, лічыць, западло, гаворыць: «Мне западло працаваць на іх», ён наагул лічыць, што ў нашай рэспубліцы адбыўся пераварот і да ўлады прыйшлі габрэі, жыды – кажа ён, – паўсюль жыды; я ў прынцыпе лічу, што ён дарэмна так гаворыць, але працаваць таксама не хачу. Ня так даўно, праўда, нашы сябры – рэкламнікі Вова і Валодзя – уладкавалі Сабаку да сябе ў газэту, у аддзел рэкламы, кур’ерам, Сабака доўга вагаўся, прыходзіў да нас на паверх, блукаў па кухні, называў Вову і Валодзю жыдамі і вагаўся. Нарэшце адважыўся і пайшоў працаваць. Прапрацаваў дзён дзесяць. Некалькі дзён таму зьнік разам зь нейкай карэспандэнцыяй, Вова і Валодзя прыяжджалі да нас, але мы нічога ня ведалі, тэлефанавалі бацькам, тыя таксама ня чулі пра свайго сына-Сабаку паўтары гады, здаецца, гэта іх задавальняла, нават да бабулі паехалі, бабуля іх не пусьціла, глядзела праз напаўадчыненыя дзьверы і не разумела, што ад яе хочуць, здаецца, Сабака да рэшты замардаваў старую, паспрабуйце, пажывіце з унукам, які на сьняданак спажывае спачатку вадзяру, а потым ужо ўсё іншае. Адным словам, Сабака зьнік і нашы сябры-рэкламнікі пагражалі зрабіць зь ім штосьці страшнае ў тым выпадку, калі ён знойдзецца: «Так і перадайце Сабаку, – казалі яны нам, – яйцы адарвем». Я сумняваўся, што такім спосабам можна было заманіць Сабаку назад у рэдакцыю, але абяцаў перадаць. Мне ня цяжка. Вову і Валодзю мы не далюблівалі, але цярпелі, яны вучыліся на гістарычным, і як большасьць выдатнікаў з гістарычнага, супрацоўнічалі з кдб; кдб, я думаю, моцна пацярпела ад прысутнасьці ў сваіх шэрагах двух даўнаў – Вовы і Валодзі, але парадак ёсьць парадак, я так думаю, інакш для чаго б іх трымалі ў штаце. Вова і Валодзя, вядома па пратэкцыі кдб, ужо на першым курсе ўладкаваліся ў рэклямны аддзел адной зь першых харкаўскіх незалежных газэт, газэта іхняя працавала ад нейкага фонду дэмакратычнага разьвіцця, рэдактар – підар-праныра – выбіў з амэрыкосаў салідны грант, і яны запусьцілі ў сьвет сваю незалежную газэту, аднымі зь першых пачалі друкаваць на вокладцы голых цётак, а ў сярэдзіне – шырокія праграмы тэлеперадач. Акрамя гэтага, пастаянна гналі на савок, можна сказаць, што за грошы амэрыкосаў палівалі гаўном нашу савецкую бацькаўшчыну, нашу маладосьць, можна сказаць, я не любіў гэтую газэту, хаця цёткі на вокладцы мне падабаліся. Вова і Валодзя працавалі, як я ўжо сказаў, у рэкламным аддзеле, ня ведаю, як яны там працавалі, напэўна, дрэнна, бо традыцыйна раз ці двойчы на тыдзень яны заяжджалі да нас, напіваліся вадзяры і біліся між сабой. Наагул яны сябравалі, а як напіваліся, выходзілі незаўважна ў калідор і пачыналі мачыць адзін аднаго, прычым па-сапраўнаму, бяз дурняў, з выбітымі зубамі, з саплямі і сьлязамі на фэйсах. Так што якія зь іх маглі быць кадэбісты – ня ведаю. Мы іх спачатку разводзілі, а потым глядзім – ну, хулі, б’юцца пацаны і няхай сабе. Можа, у іх, у гісторыкаў, так прынята, можа, ім кдб за гэта даплочвае, чаго лезьці.
Яшчэ з намі на паверсе жыве Ваха. Ваха – грузін, хоць Сабака яго таксама называе жыдом. У Вахі свой бізнэс – каля кальцавой, на самым выездзе з гораду, зусім блізка ад нас, у яго стаіць некалькі кіёскаў, у якіх працуе некалькі наложнікаў. Наложнікі жывуць ў адным з кіёскаў, зьбіраюцца там на ноч, узімку распальваюць вогнішча, аднаго разу ледзь не спалілі кіёск, добра, што ён быў жалезны, проста паапякаліся, але выжылі. Ваха мае цэлых два пакоі – у адным ён жыве, а ў іншым трымае кантрабанду, розныя там чакалядкі, колу,