Дэпэш Мод - Сергій Вікторович Жадан
– Сабака, – пытаюся я, – а як хоць згулялі?
– Хто згуляў? – не разумее Сабака.
Частка першая.
Чыёй сьмерці ты хочаш насамперш.
9.15
Гэтая лірычная гісторыя пачынаецца з таго, што перад нашымі дзьвярыма зьяўляецца чувак у сінім плашчы, з плястыкавым кейсам, і доўга круціць у руках паперку, глядзіць, ці правільны адрас, ці туды ён трапіў, ці ніхто яго ня кінуў, карацей – пануры, зьнявераны чувак, яшчэ і кейс гэты, наагул – ня ведаю, дзе такіх людзей бяруць і куды іх потым сьпісваюць. Нарэшце ён адважваецца, стукае ў дзьверы, заходзіць і бачыць усіх нас – мяне, Васю Камуніста і нашага сябра-Сабаку, ад нас пахне ранішнім бухлом і вячэрнімі ванітамі, ранак працоўнага дня, адным словам, чувак зноў пачынае круціць у руках паперку, ты хто? – пытае Сабака, ён найбольш з нас трох пужаецца, бо пасьля ўчарашняга разьвітаньня славянкі, то бок пасьля таго, як ён рыбінай высьлізнуў зь няўмелых рук Вовы і Валодзі, менавіта на ягоную кароткастрыжаную галаву мелі б пасыпацца непрыемнасьці, вось ён і думае, раптам гэта за ім, нехта з рэдакцыі, скажам кілер, хто іх ведае, хто там у гэтых підарасаў у штаце ёсьць, газэта заможная, маглі ў прынцыпе запрасіць наёмнага забойцу з пагадзінным тарыфам з былых інтэлігентаў, скажам, ён там яшчэ ўчора працаваў інжэнэрам у інстытуце, а тут дэфолт і беспрацоўе і вялікая краіна развалілася на кавалкі, вось ён і пайшоў у кілеры калыміць, Сабаку прабівае на жах, гэта ўжо дакладна, і ў пакоі западае маўчанка.
– Мяне завуць Робэрт. Дзядзя Робэрт, – кажа чувак, хаваючы нарэшце паперку. – А дзе Саша?
– Якая Саша? – пытаюся я. Можа я нешта прапусьціў, і ў нас тут пасьпела завесьціся нейкая Саша. Тады гэта наш агульны кілер.
– Ну, Саша, ён жа з вамі павінен жыць. Гэта ж, – гаворыць ён, зноў дастае сваю паперчыну і пачынае яе нэрвова круціць.
Ён? – думаю я, – яна што, гермафрадыт, гэтая Саша?
– Ну, Саша, – умольна гаворыць дзядзя Робэрт. – Ён жа гэты адрас дома пакідаў, сказаў, што тут жыве. І пра вас апавядаў, ну, апісваў вас, я вас вось такімі і ўяўляў сабе, – гаворыць ён і па-сяброўску ўсьміхаецца.
Такімі? – думаю я. – Гэта якімі ж? Абрыганымі?
– А, – першым здагадваецца Сабака. – Гэта ён пра Карбюратара гаворыць, пра Сашу.
– А, ну, дакладна, – усе неяк супакойваюцца, выяўляецца, што ніякай Сашы тут усё-ткі не было, а гэта ўжо добра. І гэты ёбаны дзядзя Робэрт, здаецца, ня кілер, хоць і нешта добрае сказаць пра яго таксама нельга. Ён працягвае па-сяброўску ўсьміхацца нам, Сабака таксама пачынае праяўляць да яго інтарэс, уласна ня так да яго, як да ягонага плястыкавага кейса, вядома ж, – думае Сабака, – калі гэты ёбаны дзядзя Робэрт прыехаў да Карбюратара, – так ён думае, – то, мабыць, ён прывёз яму нешта смачнае і карыснае, не каленвалы ж ён яму прывёз, мабыць усё-ткі нешта смачнае і карыснае, там, – думае Сабака, – адэкалёны альбо марыхуану, зранку лепш, канешне, адэкалёны, толькі не каленвалы, карацей мы ўсе зараз ня надта добра разумеем, хто гэта такі і пра што ён нам гаворыць. А ён гаворыць:
– Дык гэта вы – сябры Сашы?
– Мы, – адказвае Сабака, ня зводзячы з кейса пахмельных вачэй. – Мы сябры.
– А што гэта вы тут, – пытаецца дзядзя Робэрт, спрабуючы ўвайсці да нас у давер, – каньяк з ранку п’еце?
Мне ён пасьля гэтага чамусьці адразу перастаў падабацца. Стаіць нейкі прыцірак з кейсам, пізьдзіць тут.
– Дык тое яны, – паказвае Сабака на нас. – Вы праходзьце, сядайце. Можа, гарбаты?
Гарбату Сабака ў апошні раз піў гады два таму, яшчэ ў школе. А тут, бач, разбалакаўся.
– А дзе Саша? – заклапочана пытае чувак.
І тут усе насамрэч думаюць – а дзе Саша? Неяк так сталася, што ў апошнія некалькі дзён на яго ўсе забыліся, я дык дакладна, неяк так трапілася, што ў кожнага свая запара, свае праблемы, ну, ведаеце, як гэта бывае – закручваешся па справах, а потым раптам выяўляецца, што ня ведаеш нават, дзе твае сябры пазьнікалі.
– Можа, на занятках, – кажу няўпэўнена.
– Не, я там ужо быў, – кажа дзядзя Робэрт. – Мне сказалі, што ў вас заняткаў ужо тыдзень як няма.
– Сур’ёзна? – пытаюся.
– Так. Параілі тут пашукаць, у вас.
– Ну, гэта правільна, – гаворыць Вася, каб яго супакоіць. – Правільна. Дзе ж яго яшчэ шукаць.
– Сабака, – пытаюся я, – а на футболе яго з вамі не было?
– Не, кажа Сабака. – Хоць у прынцыпе, – ён зьвяртаецца непасрэдна да дзядзі Робэрта, – я там сьвядомасьць страціў, так што добра ня памятаю, можа і быў.
– А што здарылася? – пытаюся я.
– У Сашы бяда, – кажа дзядзя Робэрт і сядае пры ўваходзе на свой кейс. Я яшчэ думаю, што ён напраўду ў яго пусты і ён яго замест зэдліка носіць.
– Што за бяда? – пытаюся.
– З бацькам.
– Так у яго ж няма бацькі, – кажу я. – У яго ж айчым.
– Ён быў яму як бацька, – кажа дзядзя Робэрт.
– Ды ну, – раптам гаворыць Сабака, – бацька й айчым – гэта зусім розныя рэчы. Хоць, – дадае, – у прынцыпе адзін хуй.
– Пачакай, – кажу я Сабаку. – А чаму – быў?
– Ён загінуў, – кажа дзядзя Робэрт. – Два дні таму.
– Як загінуў?
– Застрэліўся.
– Як?
– У яго стрэльба была.
Пра стрэльбу Карбюратар апавядаў. Ён наагул пра сваіх бацькоў гаварыць не любіў, але нешта недзе ўсё-ткі апавядаў, там у яго ўсё неяк замарочана выходзіла, бацька ягоны іх кінуў, калі ён зусім яшчэ малы быў, потым зьявіўся гэты чувак, са стрэльбай, Карбюратар казаў, што ён проста кончаны, што ён пастаянна бухае,