Дэпэш Мод - Сергій Вікторович Жадан
22.30
І ты, блядзь, ты – які ад прыроджанага алькагалізму і шырокай душы яшчэ ўчора рабіў цалкам вар’яцкія рэчы – ты раптам згодны падтрымаць якія заўгодна рэпрэсіі і карныя апэрацыі, ты валяешся дома, чытаеш крымінальную хроніку і балееш не за сумленных у сваім вар’яцтве маньякаў, а за генэралаў стаўкі і касталомаў з асаблівых аддзелаў, стары рэакцыйны ўблюдак, што забыўся на церпкі пах руус. Менавіта так і пачынаецца фашызм – учорашнія байцы нябачнага фронту раптам ператвараюцца ў тлустае апірышча для антыгуманных эксперыментаў з рэчаіснасьцю і сьвядомасьцю, тыя, хто толькі ўчора вярнуліся з франтоў і акопаў пераможцамі, ужо празь нейкія дзесяць-пятнаццаць гадоў раптам ператвараюцца ў фашысцкіх сьвіней, вось ў чым найвялікшая таямніца цывілізацыі, грамадства пажырае самое сябе, яно цяжэе й асядае пад цяжарам сылікону, якім само сябе і накачвае.
19.45
– Так, – кажа адзін з фашыстаў, – даставай, што там у цябе ў кішэнях.
– Не магу, – адказваю. – Спачатку наручнікі здыміце.
– Не выёбвайся.
– Ну, хаця б часова здыміце, я дастану, а потым вы зноў іх надзенеце.
– Ну да, мы іх здымем – а ты зноў уцякаць. Давай выцягвай, а то па галаве дамо.
– Вы ня маеце права мяне біць, – кажу я фашыстам. – Я дэкану патэлефаную.
– Гэта мы зараз дэкану патэлефануем, – кажуць фашысты.
– Не, гэта мой дэкан, так што тэлефанаваць яму буду я.
– Менш пізьдзі, – гавораць яны.
Да, размова нешта ня клеіцца. Цікава, дзе ў іх тут газавая камэра, я ўсё яшчэ дрэнна бачу. Да таго ж газ, накладзены на выпітае мной, складае нейкія вясёлкавыя камбінацыі ў галаве.
– Зараз мы цябе сфатаграфуем.
– Гэта яшчэ навошта? – пытаюся я.
– На памяць, – сьмяюцца фашысты.
– А дзе тут у вас газавая камэра? – пытаюся я.
– Што? – не разумеюць яны.
– Ну, камэра, – кажу я. – З газам.
– Ага, – кажуць яны. – І з душам. Зараз будзе.
Зараз яны мяне расстраляюць, – думаю я. – Ублюдкі фашысцкія. І тут у пакой заходзіць тоўсты капітан, у сэнсе, не капітан карабля, гадоў пяцідзесяці, з рэшткамі сумленьня ў вачах і рэшткамі бутэрбродаў на кіцелі. Я зразумеў, што гэта мой шанец і вырашыў за яго трымацца, ну, не за кіцель, канешне.
23.00
Потым пачынаецца старасьць, ты проста пусты зь сярэдзіны, у табе проста нічога не застаецца, цябе выціснулі, раздушылі, і ўсё тут, і выкінулі, так што можаш цяпер ганарыцца сваімі пратэзамі і мэдалямі. Каму ты патрэбны, па вялікім рахунку, што ты рабіў цягам усяго гэтага часу, чаму цябе ўсе ненавідзяць і чаму ты ім ня можаш адказаць нават гэтым? Дзе твая нянавісьць? Дзе твая злосьць? Што з табой здарылася? Ува што цябе ператварыла сыстэма? Як жа так – ты ж нядрэнна пачынаў, яшчэ тады, у свае 16-17, ты ж быў нармальным чалавекам, не зусім кончаным і не цалкам прадказальным, што ж ты так аблажаўся, як ты паглядзіш у вочы анёлам на кпп пасьля таго, як памрэш ува ўласным гаўне, як ты ім у вочы паглядзіш, што ты ім скажаш, яны ж цябе не зразумеюць, яны наагул нікога не разумеюць, нікога-нікога.
20.00
– Кім жа ты будзеш?
– Настаўнікам.
– Які зь цябе настаўнік? Ты ж п’яны ўвесь.
Так, трэба неяк адсюль выбірацца, бо гэты ўблюдак мяне дакладна расстраляе. Здаецца, я памыліўся. На гэтых фашыстаў ніколі нельга спадзявацца, абавязкова здадуць.
– Скажыце, як вас завуць?
– Мяне? Хм. Мікалай Іванавіч. Мікалай Іванавіч Плоскіх.
–Як?
– Плоскіх.
– Можна я вас буду проста Мікалаем Іванавічам называць?
– Валяй.
– Мікалаю Іванавічу...
– Ну?
– Вы разумееце, я наагул ня п’ю.
– Я бачу.
– Сур’ёзна. Ня п’ю. Наагул.
– А што ж ты так нахуячыўся?
– Мікалаю Іванавічу, вы разумееце.. Гэта мой дэкан.
– Што дэкан?
– Ну, у яго народзіны сёньня, разумееце?
– Ага, і ўвесь факультэт бухаў, так?
– Ну, не, канешне. Ён проста папрасіў дапамагчы яму пераехаць. У новую лябараторыю.
– Якую лябараторыю?
– Новую. Пераехаць. Там, рэчы перавезьці, апаратуру.
– Апаратуру?
– Ну, да. Колбы.
– Якія колбы?
– Ну, колбы, такія, ведаеце, – я спрабую патлумачыць яму як выглядае колба, але сам не магу гэтага ўзгадаць.
– Ну і што?
– Мы хімікі.
– Я бачу.
– Сур’ёзна. Ведаеце, колбы там розныя. – (Чаго я да гэтых колбаў прычапіўся?) – Мікалаю Іванавічу...
– Ну?
– У вас жа дзеці ёсьць?
– Ёсьць, – кажа Мікалай Іванавіч, папраўляючы свой фашысцкі кіцель. – Сын. Такі самы раз’ябай, як ты, – Мікалай Іванавіч, здаецца, супакойваецца. – Клей вось пачаў нюхаць, зараза такая. Я нядаўна палез у тумбачку.
– Палезлі ў тумбачку? – не разумею я.
– Ну, у мяне там МАЕ рэчы, разумееш? Палез, значыць, гляджу – клею няма, я да яго – ты што, кажу, ахуёк – раней цыгарэты МАЕ паліў, цяпер МОЙ клей нюхаеш?
– Ваш клей? – я яго ніяк не магу зразумець. Што ён кажа?
– Я для рамонту купіў, – абражаецца Мікалай Іванавіч. – Для рамонту, ясна? А цяпер які рамонт, бяз клею?
– Да, – кажу я.
– А абрыгаўся чаго?
– Ня ведаю, Мікалаю Іванавічу, у мяне нешта ў апошні час з носам. Сплю дрэнна, ува сьне задыхаюся. Рыгаю вось.
– Гэта ў цябе глянды.
– Думаеце?
– Дакладна, глянды. Табе іх трэба выразаць.
– Выразаць?
– Ага.
– Ну, да, – кажу я. – Як жа я іх выражу? Што тады застанецца? Магчыма, глянды, гэта наагул лепшае, што ў мяне ёсьць.
– Эх, сынок-сынок. Што ж мне з табой рабіць?